19 жніўня ў Мінску адбыўся фінал Рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” (далей – конкурс). Сваё майстэрства прадставілі 17 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з усёй краіны.
Удзельнікі чатырох узроставых катэгорый – ад першакласнікаў да дзесяцікласнікаў – прайшлі складаны шлях раённых і абласных адбораў, у якіх спаборнічалі амаль 28 тысяч таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак.
Арганізатарамі конкурсу выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а таксама Сталічнае тэлебачанне. Выступленні фіналістаў праходзілі адначасова з запісам тэлевізійнай праграмы ў прафесійным павільёне тэлеканала СТВ.
Ацэньвала фіналістаў аўтарытэтная камісія:
- мастацкі кіраўнік установы адукацыi “Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь - Надзея Коршунава;
- першы намеснік старшыні грамадскага аб'яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” - Алена Стэльмах;
- актрыса тэатра і кіно, дацэнт кафедры сцэнічнай прамовы, вакалу і пластычных дысцыплін Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, шматразовы лаўрэат міжнародных конкурсаў чытальнікаў у якасці ўдзельніка і педагога - Алена Акулёнак;
- журналіст, тэлевядучая, выкладчык факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – Наталля Надольская;
- дацэнт кафедры майстэрства акцёра і рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, магістр мастацтвазнаўства, член журы і лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў - Таццяна Тоўсцік;
- паэт-песеннік, дзіцячы пісьменнік, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі - Уладзімір Мазго.
На сцэнічнай пляцоўцы панавала асаблівая творчая атмасфера. Юныя ўдзельнікі не толькі выконвалі мастацкія творы, але і напаўнялі іх сваім разуменнем. Сапраўднае акцёрскае майстэрства, бліскучае валоданне голасам, дакладныя інтанацыі дазволілі юным артыстам стварыць незабыўныя сцэнічныя вобразы.
Важную ролю адыгрывалі музычнае і візуальнае суправаджэнне: атмасферная музыка, відэашэрагі і светлавыя эфекты, якія дапамагалі ствараць своеасаблівы настрой і ўзмацнялі эмацыйны ўплыў на гледачоў. Касцюмы выканаўцаў арганічна дапаўнялі вобраз, глыбей раскрывалі ўнутраны свет персанажаў і былі вытрыманы ў стылістыцы эпохі. Кожнае творчае выступленне юных чытальнікаў стала сапраўднай тэатральнай мініяцюрай.
Сёлетні конкурс праходзіў пад дэвізам: “Стваральная сіла беларускага слова: з рук маці – у сэрца Радзімы”. Тэма аб'яднала творы, прысвечаныя роднай зямлі, подзвігам абаронцаў Айчыны, міру і духоўнай спадчыне, а таксама Году беларускай жанчыны.
У выкананні фіналістаў прагучалі творы А.Куляшова, Я.Сіпакова, Б. Сачанкі, К.Крапівы, П.Броўкі, Я.Брыля, К.Чорнага і іншых беларускіх класікаў. Аматары паэзіі і прозы ўразілі журы сваім майстэрствам, шчырасцю, эмацыянальнасцю і глыбокім асэнсаваннем роднага слова. Усе ўдзельнікі прадэманстравалі высокі ўзровень сцэнічнай культуры, артыстызму і сапраўдную любоў да беларускай літаратуры.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
ВЫНІКІ
Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў
«Жывая класіка 2026»
Сачыце за навінамі!
Зусім хутка мы сустрэнемся з пераможцамі на гала-канцэрце і ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання, дзе будзем вітаць лепшых з лепшых юных чытальнікаў краіны.























